СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ РАДЫЯЛО́ГІІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ.
Засн. ў 1992 у г. Гомель на базе Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ с.-г. радыялогіі (з 1986). З 1995 НДІ радыялогіі ў падпарадкаванні Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Рэспублікі Беларусь. З 1999 Рэсп. н.-д. унітарнае прадпрыемства «Інстытут радыялогіі» Мін-ва па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: распрацоўка навук. праблем рэабілітацыі забруджаных радыенуклідамі тэрыторый; даследаванні ў галіне с.-г. радыялогіі і распрацоўка практычных рэкамендацый для аграпрамысл. вытв-сці ва ўмовах радыеактыўнага забруджання тэрыторыі; аналіз ахоўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на забруджаных тэрыторыях, з мэтай аптымізацыі суадносін выдаткаў і дозавых нагрузак на насельніцтва; вывучэнне дынамікі паводзін радыенуклідаў у трафічным ланцугу глеба—расліны—жывёлы—прадукты харчавання; інфарм.-аналіт. забеспячэнне Дзярж. праграмы Рэспублікі Беларусь па мінімізацыі і пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; інфарм. забеспячэнне грамадскасці пра наступствы катастрофы на ЧАЭС, вынікі рэабілітацыйных і аздараўленчых работ; распрацоўка метадаў радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі.
т. 14, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)